Беларуская Служба

Італьянскі парламент пагадзіўся працягнуць ваенную дапамогу Украіне.

08.02.2024 13:45
Італьянскі парламент нарэшце прагаласаваў за дазвол ураду працягваць пастаўкі зброі і ваеннай тэхнікі ва Украіну да канца гэтага года.
-
Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні размаўляе з журналістаміEPA/FILIPPO ATTILI/CHIGI PALACE PRESS OFFICE S Dostawca: PAP/EPA.

 Палата дэпутатаў пагадзілася на гэта ў чацвер, а раней адбылося галасаванне ў Сенаце.

У ніжняй палаце парламента за працяг паставак ваеннай дапамогі Украіне прагаласавалі 218 дэпутатаў, супраць — 42.

Гэта восьмы ўказ аб пастаўках тэхнікі, транспартных сродкаў і вайсковых матэрыялаў у краіну, на якую амаль два гады таму напала Расія.

Міністэрства абароны Італіі, па ініцыятыве якога ў снежні мінулага года быў выдадзены ўказ, падкрэсліла: «Зацягванне расійска-ўкраінскага канфлікту ва ўмовах пагаршэння міжнароднай сітуацыі з-за крызісу на Блізкім Усходзе і вайны паміж Ізраілем і ХАМАС, патрабуе ад урада Джорджыі Мелоні зрабіць выбар «у духу паслядоўнасці і падтрымкі, а значыць, пашырэння дапамогі Украіне ў адпаведнасці з абавязацельствамі, узятымі Італіяй у рамках ЕС і НАТА».

Спіс пастаўленага абсталявання публічна не агалошваецца. Урад прадстаўляе дэталі парламенцкаму камітэту, якому даручана расследаваць і кантраляваць дзейнасць італьянскіх спецслужбаў.

Спецыялізаваныя італьянскія абаронныя парталы ўслед за ўкраінскім сайтам паведамляюць, што Італія займае 13-е месца ў свеце па аб'ёме аказанай дапамогі з сумай каля 700 мільёнаў еўра.

ПР/юл